Стань сябрам
Лапко і Лявончыка,
падтрымай Хаб!
Адказы на пытанні па справе Беларускага Моладзевага Хаба
Сябры, за апошнія 2 дні ў мой бок персанальна і ў бок усёй каманды Хаба ў цэлым паступалі шматлікія пытанні, датычаныя Асацыяцыі Беларускі Моладзевы Хаб і прасторы Беларускі Хаб у Варшаве, які БМХ адміністраваў і арганізоўваў разам з нашымі партнёрамі.
Журналісты пыталіся, я ўвесь час адкрыта і празрыста адказваў на ўсе пытанні, як і мае калегі. Сёння я разам са Glinnik Stasia ў эфіры Еўрарадыё далі раскрытыя адказы на ўсе пытанні, якія сабраў з прастораў сетак і грамадскасці Зміцер Лукашук. Адказалі і на тыя пытанні, які паступалі наўпрост у эфіры ад гледачоў. Дзякуй вялікі за цікавасць да сітуацыі, гэта паказчык таго, што справа не толькі мая і маёй каманды, але ўсёй беларускай супольнасці Варшавы, Польшчы, а можа і шырэй.
Спасылка на эфір у першым каменце - паглядзіце, калі цікава і важна.
Тэзісна дам тут асноўныя пункты:
1. Я і нашая каманда выступаем за дыялог і камунікацыю - менавіта ў яе недахопу, на маю думку, ствараюцца розныя канфлікты і крызісы.
На эфір быў запрошаны і Сяргей Бульба, як прадстаўнік другага боку, ад вочнай публічнай сустрэчы ён адмовіўся.
2. У Хабе няма ніякага расколу, уся нашая каманда, практычна ўсе нашыя ініцыятывы і валанцёры адкрыта выказаліся ў маю падтрымку і падтрымку той дзейнасці, якой мы займаліся апошнія 3 гады.
З другога боку - толькі людзі, якія ніякага дачынення да Хабу не мелі і не маюць, іх мэты нам да канца не зразумелыя.
3. Дакументацыя, якую патрабуе Сяргей Бульба, захоўвалася і цяпер захоўваецца ў офісе кампаніі Grand Bussines Hub, згодна за дамовай бухгалтарскага і кадравага абслугоўвання, кіраўнікамі і ўладальнікамі якой з'яўляюцца Андрэй Ракевіч і Анастасія Баравікова - чальцы Назіральнай рады, якія сваім рашэннем і зрабілі Бульбу новым старшынём праўлення. Таму ўсе пытанні прашу адрасаваць у іх адрас.
4. Фінансавая справаздача, якую я нібыта не падаў Назіральнай радзе, гэтай самай радай была прынятая і зацверджаная ўхвалай нумар 1 ад 31.03.2023 - раздрукоўку ўхвалы з подпісамі чальцоў рады Андрэя Ракевіча і Анастасіі Баравіковай я паказаў у эфіры. Стася Гліннік на паседжанне рады нават не была запрошаная, яе подпісу там няма, але яна не супраць падпісаць
5. "Незалежны юрыдычны аўдыт", да якога таксама ў сваёй камунікацыі спасылаецца другі бок, быў праведзены зусім не назалежным аўдытарам, а юрыстам, які абслугоўвае інтарэсы шматлікіх фірм Андрэя Ракевіча і Анастасіі Баравіковай. Тым не менш, па выніках гэтага аўдыту НЕ ВЫЯЎЛЕНА значных парушэнняў.
З васьмі рэкамендацый, якія выказаў аўдытар, адна датычаная "расходу і закупцы канцэлярыі і офісных сродкаў, як, напрыклад, пітнай вады" - у БМХ працавала 5-7 чалавек, а вады мы куплялі па паўтоны штомесяц, таму аўдытар палічыў перарасход. Але не ўзяў у разлік, што ваду ў Хабе таксама пілі тысячы яго наведвальнікаў
Другі пункт - пра афармленне кампенсацый выдаткаў валантэраў, чым павінна займацца ўсё ж нанятая бухгалтарская фірма.
Яшчэ пяць пунктаў - датычаныя некарэктнаму афармленню дамоў - гэта таксама на баку падрадчыка - Grand Business Hub.
А апошні пункт пра тое, што аўдытар раіць "цясней супрацоўнічаць Праўленню і Радзе надзорчай" - крык душы прадстаўнікоў апошняй і замоўнікаў аўдыту.
Як сказала Стася, галоўнае ў такіх аўдытах не выйсці на саміх сябе, бо большасць прэтэнзій зусім не да дзейнасці і зоны адказнасці кіраўніцтва, а спецыялістаў з фірм-падрадчыкаў, якія належаць як раз прадстаўнікам другога боку.
Важна зазначыць, што я разам з нашымі партнёрамі яшчэ ў лютым 2023 году дамовіліся, што да жніўня 2023 у Асацыяцыі пройдзе реальны незалежны аўдыт, які нашыя партнёры абяцалі аплаціць - гэта зусім не танная рэч, а ў Хаба не было на гэта вольных сродкаў. Нягледзячы на сабатаж з боку Назіральнай рады, была падпісаная дамова і партнёры запусцілі тэндар для выбару незалежнага аўдытара. Цяпер, хіба, гэта ўжо не адбудзецца, бо рэалізатары праектаў у асобах каманды Хаба, больш не маюць дачынення да Асацыяцыі.
6. Выратаванне Хаба Бульбай на просьбу Назіральнай рады.
Адзін з аргументаў таго боку "у Хабе канфлікт, мы прыйшлі, каб усіх выртаваць і разабрацца гарманічна". Як ужо пісаў у п.2 - няма ніякага расколу, а канфлікт тут толькі ўсёй каманды Хаба, яго кіраўніка і аднаго прадстаўніка Назіральнай рады з аднаго боку і двух прадстаўнікоў НР з другога (якія таксама з'яўляюцца партнёрамі ў шматлікіх бізнесах, то бок, нельга чакаць ад іх незалежнай пазіцыі адзін ад другога).
Ніхто з дзейсных супрацоўніках Хаба не прасіў нікога нас ратаваць, мы самі ў сілах справіцца з нашымі выклікамі, прызнаць і выправіць нашыя памылкі. Навошта наогул улазіць у арганізацыю, у якой па іх словах "вельмі шмат праблем"? Пакіньце нашыя праблемы нам, займіцеся сваімі.
7. "Не мы рэйдары, а вы рэйдары".
2 жніўня 2023, пакуль у Хабе ўзломвалі замкі, быў зарэгістраваны фонд Belarusian Youth Hub, у кіруючых органах якога прадстаўленыя ўсе рэальныя супрацоўнікі і арганізатары Беларускага Моладзевага Хаба, а не мёртвыя душы з Асацыяцыі. Гэты факт падаецца тымі людзьмі, як "спроба перапісаць, забраць, захапіць". Тут важнае сустрэчнае пытанне - забраць у каго, саміх сябе? Бо мы гэта ўсё арганізоўвалі, рабілі, стваралі.
Аднак апошнія некалькі месяцаў некаторыя чальцы Назіральнай рады пачалі закручваць гайкі, каб паралізаваць дзейнасць Хаба, схіліць мяне да іх умоў.
Ад сакавіка было некалькі сустрэч-перамоў, якія не прынеслі плёну. На апошняй 23.06.2023 пры ўдзеле прадстаўніка партнёрскай арганізацыі ў якасці медыятара, прадстаўнік другога боку наўпрост заявіў (частку запісу з размовы я даў паслухаць у эфіры), цытата:
"Ёсць два варыянта: ці зачыняем Хаб, ці я яго прадаю. Мая цана - 500 тысяч, і я яго прадаю. А так мне ўсё роўна".
Канешне, мы адрынулі такія прапановы, але зразумелі, што трэба дзейнічаць, каб захаваць праект, прастору, каманду. Параіліся з партнёрамі, у тым ліку польскімі дзяржаўнымі і недзяржаўнымі.
Тым часам хіба "пакупнік" на ласы кавалак знайшоўся. І цяпер расказвае, што "былое кіраўніцтва пазбягала перамоў, не хацела вырашаць гарманічна".
Мы ж баранілі і баронім Хаб ад тых людзей, для каго ён проста тавар.
8. Памяшканне на пл. Канстытуцыі 6 можа вельмі проста забраць мэрыя Варшавы. Ім належыць локаль, яны і будуць вырашаць. Калі крызіс зацягнецца, то памяшканне проста забяруць і нікому не дадуць, будзе стаяць пустым, як да таго, як мы яго ўпарадкавалі, але без канфліктаў і цёрак. Прайграюць усе беларусы.
9. За апошнія 2 дні мы атрымалі столькі слоў падтрымкі з усіх бакоў, як палітычнага, так і грамадскага сектара, простых людзей, якія былі ў Хабе, рабілі з намі тую прастору, напаўнялі жыццём усе тры паверхі на пл. Канстытуцыі 6. Жаданне захаваць, развіваць, а не бурыць - яно натуральнае для кожнага адэкватнага беларуса. Нам вельмі прыемна і мы вельмі ўдзячныя за вашую падтрумку і другі беларускі Марафон Салідарнасці (у гэты раз з камандай Хаба) за апошні тыдзень. Нашая праца не дарэмная
10. Таксама мы атрымалі завярэнні сваёй недатычанасці да групы людзей, што зараз захоплівае Хаб, з боку Форума дэмакратычных сіл, Валера Цапкалы, Вольгі Карач - яны ўсялік адмаўляюць свае сувязі з Бульбам і асуджаюць дзеянні людзей, якія некалі былі разам з імі ў супольным праекце, але ўжо выйшлі. Таму мы просім прабачэння тых, каго маглі выпадкова пакрыўдзіць хуткімі падазрэннямі, бо ўся сітуацыя мутная, таму яшчэ раз падсвятляе праблему камунікацыі ўнутры супольнасці.
Мы гатовыя прызнаваць свае памылкі і, нягледзячы на цэйтнот, стараемся як мага хутчэй іх выпраўляць.
Дзякуй усім за падтрымку! Дзякуючы вам мы не апускаем рукі, на нахіляем галаву, а будзем да канца бараніць свой Хаб!
І напрыканцы прапанова Сяргею Бульбе, Андрэю Ракевічу, Анастасіі Баравіковай і іншым саўдзельнікам усяго працэсу:
калі вы хочаце, каб гэты крызіс скончыўся, каб Хаб працаваў далей, каб ініцыятывы і валанцёры зноў напоўнілі жыццём памяшканне пры пл. Канстытуцыі 6, а беларуская супольнасць не згабула важнае месца еднасці ў цэнтры Варшавы - вы можаце вырашыць пытанне трыма подпісамі некалькіх паперак:
- прыміце ў чальцы Асацыяцыі каманду і ініцыятывы Хаба,
- сыйдзіце са сваіх пасад у Асацыяцыі,
- вярніце Алеся Лапко на пасаду прэзэса Асацыяцыі.
І мы вырашым увесь кавардак цягам тыдня, без доўгіх і цяжкіх судовых спрэчак, якія не толькі адаб'юцца на дзейнасці Хаба, але і на іншых арганізацыях, да якіх датычаныя ўсе гэтыя людзі.
Больш тэзісаў і рэакцый па спасылцы: https://www.youtube.com/watch?v=S66aX3L_lxk